Геральдика.ру - гербы и флаги
16+

Савецкая гістарыяграфія геральдыкі Беларусі

03.01.2005 / Степулёнок Александр Валерьевич

Асновы савецкай геральдыкі як спецыяльнай гістарычнай дысцыпліны былі закладзены В. К. Лукомскім. Працуючы ў Гербавым музеі, які быў створаны на базе Гербавага адзялення пры дэпартаменце Герольдыі Сената, дзе захоўваліся ўсе першакрыніцы рускай геральдыкі (пазней гэты музей быў ператвораны ў Кабінет дапаможных дысцыплін), даследчык займаўся гербавай экспертызай.

У цэнтры увагі савецкіх гісторыкаў знаходзіліся савецкія гербы. Гісторыі іх стварэння, зменам эмблематычнай сімволікі і іншым аспектам тэмы прысвечаны працы В.І.Стрэльскага, А.М.Луппала, Е.І.Камянцовай, Г.Ф.Кісялёва, В.А.Любішавай, М.М.Сперансава, Н.А.Собалевай і інш. Аднак трэба адзначыць, што ў перыяд знаходжання Беларусі ў складзе СССР геральдыка была ў заняпадзе. Яна ўспрымалася як нікчэмная для пазнання мінулага, ненадзейная ў ідэалагічных адносінах дысцыпліна. Толькі ў 1970-я гады нарастаючы крызіс савецкай ідэалогіі прымусіў больш актыўна выкарыстоўваць прапагандысцкія магчымасці сімволікі. Гэта выклікала рост ліку работ аб савецкіх гербах. Аднак прынцыпы адбору матэрыялу былі празмерна ідэалагізаваны.

Канец 1970-х — пачатак 1980-х гг. у гербазнаўстве адзначаны няўдалымі спробамі вызначыць межы геральдычнага ведання і ператварыць геральдыку ў нейкую мегадысцыпліну, якая вывучае не толькі гербы, але і сцягі, пячаткі і г. д. Прапанаванае разуменне прадмета і аб’екта даследавання дысцыпліны прывяло да таго, што ў адзіным спісе, прысвечаным геральдыцы — «Библиография советских публикаций по геральдике за 1980 год», даследаванні па геральдыцы адсутнічалі. Самыя агульныя звесткі пра герб “Пагоня” можна атрымаць з энцыклапедый. Больш падрабязна аб ім гаворыцца ў польскім выданні “Старапольская ілюстраваная энцыклапедыя” З. Глогера. У артыкуле даецца апісанне выявы, прасочваюцца яе змены. Адзначана, што самы старажытны адбітак датуецца 1366 г. — пячатка на дагаворы паміж Альгердам і Кейстутам з аднаго боку і Казімірам Вялікім з другога. Да яшчэ больш ранняга часу звяртаецца беларускі даследчык Э.Зайкоўскі, калі прасочвае гістарычныя карані “Пагоні”. Ён звязвае выяву конніка са старажытнымі культамі славян, у прыватнасці з культам каня. Параўнаўчы аналіз пячатак Ягайлы, Вітаўта, Свідрыгайлы, Жыгімонта III дазваляе ўбачыць агульныя рысы з выявай маскоўскага герба — Георгіем Пераможцай. Культ святога Юрыя, на думку даследчыка, узыходзіць да культу дахрысціянскага бога Ярылы.

Дарэчы, раней вучоныя прытрымліваліся меркавання, што “Пагоня” звязана з пячаткамі рускіх князёў, г. зн. прызнавалі славянскае паходжанне герба. З гэтай думкай згодзен і адзін з буйнейшых вучоных-геральдыстаў — М. М. Сперансаў. Яго праца — “Земельные гербы России, XII-XIX в.в.” прысвечана гербам губерняў і гарадоў. Далучаючыся да думак А.Б.Лакіера, аўтар піша: “... средневековая государственная эмблема Литвы, позднее ставшая гербом г. Вильны, — воин, едущий на коне и держащий поднятый меч, — заставляет подозревать заимствование (если не идеи, то изображения) с конных сокольников и воинов, которые были обычными на печатях московских и других князей средней России. В Литве эта гербовая эмблема впервые появилась после 1278 года, как об этом сообщает приложение к Ипатьевской летописи, причём описанный всадник с мечом получил в дальнейшем название “погонь”.

Пасля ўніі 1569 года і ўтварэння Рэчы Паспалітай, “Пагоня” суседнічала з польскім дзяржаўным гербам — белым арлом. Не знікла яна і пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі. Прыклады такога суіснавання прыводзяцца ў артыкуле А.К.Цітова “У цені двухгаловага арла”. Нягледзячы на тое, што дзяржаўным гербам стаў двухгаловы арол, “Пагоня” захоўвалася на сцягах Полацкага мушкецёрскага палка, Палявога гусарскага беларускага палка. У артыкуле змешчана гісторыка-геральдычная карта Беларусі другой паловы XVI ст., на якой паказаны гербы ваяводстваў, у большасці — гэта ўсё тая ж “Пагоня”. На 3-й старонцы вокладкі часопіса як дадатак да артыкула даюцца выявы ротнага сцяга Беларускай гусарскай харугвы, галаўнога ўбору палкоўніка Беларускага гусарскага палка, ківера ніжніх чыноў Гродзенскага лейб-гвардыі гусарскага палка, шчыты аб’яднаных гербаў беларускіх княстваў, а таксама княстваў і абласцей Паўночна-Заходняй Расіі. З цягам часу гербы змяняліся. Некаторыя былі папсаваны царскімі чыноўнікамі, у іх выявах з’явіліся з геральдычнага пункту гледжання памылкі, да нас яны дайшлі ў скажоным выглядзе. М.М.Сперансаў паставіў задачу выправіць гэта становішча (вышэй адзначаная праца). Эмблемы ў выданні размешчаны па тэматыцы змешчаных на іх малюнках, што дапамагае лёгка арыентавацца ў мностве прыведзеных гербаў — а іх тут каля ста. Да гербаў даюцца апісанні, расшыфроўка сімволікі эмблемы і яе гісторыя (калі яны вядомы).

Сярод беларускіх даследчыкаў гарадской геральдыкі пачэснае месца займае А.К.Цітоў. У 1983 г. выйшла яго праца — “Гербы беларускіх гарадоў”, дзе акрамя гербаў і пячатак раннегеральдычнага перыяду змешчаны і больш познія, што былі атрыманы губернямі, паветамі і гарадамі пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі. Адносна гэтых гербаў аўтар дае тлумачэнні, чаму менавіта тая ці іншая выява змешчана на гербе.

У вывучэнні геральдыкі ўвогуле, і гарадской у прыватнасці, каштоўнай крыніцай з’яўляецца пячатка. Яна надавалася, як і герб, прывілеем на Магдэбургскае прва, але вядомы некаторыя пячаткі, што існавалі і раней такога права. Пячатка — часта адзіная крыніца для геральдычных даследаванняў.

На падставе аналізу штэмпеляў і адбіткаў А.К. Цітоў падзяляе ўвесь сфрагістычны матэрыял на 4 перыяды: старажытны (X-XIII ст.ст.); вялікакняжацкі (канец XII-XVII ст.ст.); позняй Рэчы Паспалітай (XVIII ст.); Расійскай імперыі (апошняя чвэрць XVIII ст.-1917 г.). Акрамя агульных прац па геральдыцы, у якіх ахопліваліся гербы вялікай колькасці гарадоў, з’яўляліся працы, дзе больш грунтоўна даследуюцца гербы і пячаткі асобных гарадоў Беларусі. Так, А. К. Цітоў знайшоў 8 варыянтаў пячатак горада Гродна XVI-XIX ст.ст., прыводзіць і “Інвентар пячатак горада Гродна” з апісаннем кожнай выявы. Даследчык звяртае ўвагу і на тое, што Магілёў у XVI-XVIII ст.ст. карыстаўся трыма гербамі, атрыманымі ў 1577 г., 1661 г., 1871 г. Адпаведна з прывілеямі горад меў і пячаткі. Іх вядома 5, але да нашага часу дайшлі толькі 3. А. К. Цітоў прасочвае таксама гісторыю герба г. Мінска. Гарадскія ўлады горада карысталіся не менш як 5 рознымі пячаткамі, на чатырох з якіх ужываўся гарадскі герб — выява Дзевы Марыі. Яго стыль і трактоўка, як мова і змест легенды на пячатках, залежылі ад агульнапалітычных фактараў таго ці іншага перыяду.

Гісторыя герба БССР значна карацейшая за шматвяковую гісторыя герба “Пагоня”. Тым не менш, яна ёсць. І менавіта з гэтым сімвалам звязаны пэўны перыяд гісторыі нашага грамадства. У артыкуле Васільева Я., Камінскага М. “Як ствараўся герб БССР” прасочваецца, як з 1919 г. па 1938 г. змяняўся Дзяржаўны герб БССР. Першы амаль не адрозніваўся ад герба Расійскай Федэрацыі. Выява наступнага — герба Беларуска-Літоўскай рэспублікі — не захавалася, вядома толькі яе апісанне. Расказваецца пра працу над Дзяржаўным гербам у 20-я гады. Называюцца прозвішчы тых, хто меў дачыненне да яго распрацоўкі. Прыведзены тэксты пастаноў, у якіх даецца апісанне гербаў. Дадзены выявы гербаў 1919 г., 1927 г., 1938г.

А. К. Цітоў у артыкуле “Сімвалы новага поступу: Згісторыі Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага Флага БССР” не толькі падрабязна расказвае пра конкурс 20-х гадоў, але і дае ўласную ацэнку гербаў. У прыватнасці, герб 1938 г. быў прыняты ў час поўнай адсутнасці дэмакратыі, і таму ён павінен быць скасаваны. У артыкуле каротка даецца гісторыя стварэння Дзяржаўнага флага БССР, змены, якія прынеслі яму канстытуцыі 1927 і 1937 гадоў.

Цікава прасачыць гісторыю герба БССР у кантэксце станаўлення Дзяржаўнай сімволікі СССР. Так, У. А. Пацалуеў ў сваім даследванні разглядае асаблівасці савецкіх гербаў: «…в отличии от гербов феодальных и капиталистических советские включают в себе новый политический смысл, олицетворяя самое справедливое из существовавших доныне общественных устройств—социалистическое».

Гісторыі ўзнікнення савецкіх сімвалаў прысвечана праца Е.І. Камянцовай і А.Н. Лупала — “Как создавался советский герб”.

У 1968 г. выйшла кніжка Г.Ф. Кісялёва і М.М. Сперансава «Эмблемы мира и труда (государственные гербы и флаги Советского Союза и союзных республик)». Тут аўтары выклалі гісторыю стварэння савецкіх гербаў, а таксама іх апісанні, замацаваныя ў Канстытуцыі СССР і саюзных рэспублік.

Гісторыі стварэння савецкіх гербаў, іх развіццё, зменам і іншым аспектам тэмы прысвечаны працы В.Л. Яніна, Н.А. Собалевай .

Літаратура:

1. Васільеў Я., Камінскі М. Як ствараўся герб БССР // Маладосць. 1970. №1.

2. Зайкоўскі Э. Красамоўнасць пракаветнага: Сакральныя вытокі герба Пагоня // Мастацтва Беларусі. 1990. №10.

3. Каменцева Е.И., Луппол А.Н. Как создавался советский герб // Вопросы истории. 1962. №12.

4. Киселёв Г.Ф. Сперансов Н.Н. Эмблемы мира и труда. М., 1968

5. Пагоня // Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. 1978. Т. 1.

6. Пагоня // БелСЭ. 1973. Т. 7.

7. Пагоня // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. 1996. Т. 5.

8. Поцелуев В. Гербы Союза СССР. М., 1987

9. Рево О. Гербы городов Минской губернии Российской империи // Наука и жизнь. 1996. №7.

10. Собалева Н.А. Российская городская геральдика // Вопросы истории. 1976. №3.

11. Сперансов Н. Н. Земельные гербы России, XII-XIX вв. М.: Сов. Россия, 1974

12. Цітоў А. К. У цені двухгаловага арла // Спадчына. 1989. №2.

13. Цітоў А.К. Беларускія пячаткі: (Дакастрычніцкі перыяд) // Мастацтва Беларусі. 1984. №2.

14. Цітоў А.К. Гербы і пячаткі Магілёва XVI-XVIII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. №1.

15. Цітоў А.К. Пячаткі горада Гродна // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. №4.

16. Цітоў А.К. Пячаткі і герб Мінска XVI-XVIII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1986. №1.

17. Цітоў А.К. Сімвалы новага поступу: З гісторыі Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага Флага БССР // Мастацтва Беларусі. 1989. №1.

18. Янин В.Л. Актовые печати Древней Руси X-XV вв. М., 1970



Оставьте свой комментарий и поделитесь с ним с друзьями во ВКонтакте.


Савецкая гістарыяграфія геральдыкі Беларусі
Обсуждение – комментарии, дополнения, новости

Еще никто не написал никаких коментариев. Вы можете стать инициатором обсуждения!


Новое сообщение:

 


По всем вопросам, связанным с проектом Геральдика.ру, пишите, пожалуйста, на адрес support@geraldika.ru или можно оставить комментарий прямо на самой странице.
Тел.: +7 495 542-0692
 
Номера нашего журнала
"Гербовый курьер":
 
Яндекс цитирования Геральдики.ру
SSL
© 1999-2025 Сетевое издание «Геральдика.ру» | › Условия использования сервисов
Свидетельство о регистрации СМИ Эл № ФС77-75142, выдано Роскомнадзором 22.02.2019 г.
При перепечатке материалов ссылка на Геральдику.ру обязательна.
Наша кнопка:
Геральдика.ру - гербы и флаги регионов, городов, ведомствГеральдика.ру - гербы и флаги регионов, городов, ведомств
Поставь ссылку на Геральдику.ру!