Тел: +7 495 542-0692
|¤| Форум    |¤| О проекте    |¤| Последние обновления   

Векторные изображения гербов, флагов и эмблем(!) КОНСУЛЬТАЦИИ, советы, методические и практические рекомендации по вопросам геральдики и герботворчества

версия для печати

Дарэвалюцыйная гістарыяграфія геральдыкі Беларусі

[ Автор: Степулёнок Александр Валерьевич ] // 03.01.2006

Геральдыка (позналац. Heraldica ад heraldus вяшчальнік), гербазнаўства, сістэма ведаў пра гербы, правілы іх складання і выкарыстання; спецыяльная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае старажытныя (тэарэтычная геральдыка) і стварае новыя (практычная геральдыка) гербы.

Стваральнікамі геральдыкі як асобнай галіны ведаў сталі герольды, якія перад пачаткам турніра абвяшчалі герб рыцара як доказ яго права на ўдзел у дваябор’і. Першыя творы па геральдыцы — вершы і паэмы паэтаў-герольдаў — з’явіліся ў другой палове XIII ст. У 1320 г. быў выдадзены даведнік па геральдыцы —“Цюрыхскі гербоўнік”.

З XIV ст. у еўрапейскіх краінах пачалі ўзнікаць герольдыі — установы, якія займаліся тэарэтычнымі і практычнымі пытаннямі геральдыкі, з’явілася вялікая колькасць гербоўнікаў-даведнікаў. Гербоўнік — гэта збор выяў гербаў у выглядзе рукапіснай або друкаванай кнігі. З развіццём інстытута герольдаў гербары складаліся пры дварах манархаў, галоўным чынам для правядзення рыцарскіх турніраў. У першай палове XV ст. гербы рыцарства ВКЛ былі змешчаны ў заходне-еўрапейскіх гербоўніках: “Гербоўнік Лінцэніха” (Брусель), “Кодэкс Бергшамара” (Стакгольм), дарэчы, у гэтым гербоўніку ўпершыню змешчана “Пагоня”, “Гербоўнік Залатога Руна” (Парыж). Некалькі гербаў літоўскіх і рускіх князёў ёсць у хроніцы Канстанцкага сабора 1414-1418 гг. У. Рыхенталя. Старэйшы польскі гербоўнік — “Апісальнік адзнак і клейнодаў караля і каралеўства польскага” (др. пал. XV ст.), аўтарам якога лічаць Я. Длугаша.

Адной з істотных крыніц беларускай геральдыкі была польская геральдычная традыцыя, якая праз уплыў немцаў і чэхаў шмат у чым успрыняла агульнаеўрапейскую. У Польшчы і ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма гербароў, у якіх выявы гербаў суправаджаліся кароткімі звесткамі пра гісторыю роду.

Больш інтэнсіўнае развіццё геральдыкі ў ВКЛ пачалося пасля заключэння Гарадзельскай уніі 1413 г. Паводле яе ўмоў 47 найбольш знатных родаў ВКЛ атрымалі гербы, якімі да гэтага карысталіся польскія шляхціцы. Лічылася, што шляхціцы ВКЛ, якія прынялі прапанаваныя гербы, пабраталіся з уладальнікамі гэтых гербаў.

Беларускі герб упершыню апісаны ў працах Я. Длугаша (XV ст.). У XVI-XVII ст.ст. былі пашыраны эпіграмы, урачыстыя вершы, прысвечаныя гербам знатных асоб і гарадоў (аўтары А. Рымша, Л. Мамоніч і інш.). У XVII ст. складзены “Гербоўнік рыцарства ВКЛ” В. Каяловіча, аднак у ім змешчана толькі невялікая частка гербаў шляхты ВКЛ. У XVI-XVIII ст.ст. распаўсюдзілася гарадская геральдыка. Уласныя гербы мелі больш за 100 беларускіх гарадоў.

Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай з канца XVIII ст. беларускай геральдыкай займалася Гербавае аддзяленне сената. Прыкладаліся намаганні для знішчэння беларускай гістарычнай геральдыкі шляхам надання новых і змены ранейшых гарадскіх зямельных гербаў.

Да сярэдзіны XIX ст. адносяцца першыя спробы бібліяграфічнай фіксацыі публікацый па геральдыцы. Пачынаючы з 1856 г. геральдычныя працы адзначаліся ў “Рускай гістарычнай бібліяграфіі”. Рост колькасці даследаванняў і паступовае змяненне адносін да дысцыпліны прывялі да з’яўлення ў даведніку В. І. Мяжова раздзела “Геральдыка”, які ўлічваў працы не толькі на рускай, але і на замежных мовах. Вялікае значэнне мелі працы Л. М. Савелава і С. В. Любімава. У канцы XIX – пачатку XX ст.ст. развіццё геральдыкі і генеалогіі было цесна звязана. Таму ўлік геральдычных прац здзяйсняўся ў генеалагічных часопісах (Напрыклад: «Летопись Историко-родословного общества», аднак найбольш паспяховай трэба прызнаць спробу часопіса “Гербовед”. Яго заснавальнік і рэдактар С. Н. Трайніцкі лічыў адной з функцый часопіса менавіта бібліяграфічна-інфарматыўную.

Цікавасць да геральдыкі ў Расіі ўзнікла ў другой палове XVII ст., пры Аляксеі Міхайлавічы. Гэтаму спрыяла тое, што дыпламатычныя адносіны з суседнімі дзяржавамі патрабавалі ведання тытулаў і гербаў іншаземных князёў. У 1672 г. быў складзены ”Титулярник” — рукапіс з партрэтамі ўсіх вялікіх князёў і цароў ад Рурыка да Аляксея Міхайлавіча і з выяыамі гербаў 33 зямель, што ўваходзілі ў цітул русскага цара.

Афіцыйная рэгламентацыя рускіх гербаў пачалася пры Пятры I, калі была заснавана Герольдыя. Яна займалася састаўленнем гербаў, радавых і тэрытарыяльных.

У другой чвэрці XVIII ст. асноўная ўвага звярталася на гербы дваранства. Аднак пачалася работа і над гарадскімі гербамі, што было вызначана спецыяльным указам Сената 1723 г. аб стварэнні гербавых пячатак ва ўсіх гарадах Расіі для мясцовых судзебных устаноў. Для ўліку рускіх радавых гербаў Павел I у 1797 г. распарадзіўся пачаць састаўленне «Общего гербовника дворянских родов Всероссийской империи». Усяго было састаўлена 20 частак «Гербовника», што ўключалі каля 5 тысяч гербаў.

У канцы XVIII ст. з’явіліся своеасаблівыя практычныя дапаможнікі па састаўленню гербаў. Да іх ліку можна аднесці сачыненні Нестара Максімавіча-Амбодзіка «Избранные емвлемы и символы». Дарэчы першае выданне кнігі пад назвай «Символы и Емблемата» выйшла па заказу Пятра I у Амстэрдаме у 1705 г. Затым яна была 3 разы перавыдадзена ў Пецярбурзе: у 1719, 1788, 1811 гг. А таксама сачыненне І. Х. Гаттэрэра «Начертание гербоведения». Аднак гэта былі пераклады еўрапейскіх выданняў. Яны не адлюстроўвалі спецыфікі рускіх гербаў, а таму былі малапрыгоднымі.

Першай навуковай працай, прысвечанай гербам Расійскай імперыі, стала кніга А. Лакіера «Русская геральдика», што выйшла ў 1855 г. У сваім даследванні аўтар паспрабаваў звязаць эвалюцыю рускіх гербаў з гісторыяй дзяржавы і даказаць іх рускія вытокі і нацыянальны характар. Гэта думка А.Лакіера з’яўляецца яго навуковай заслугай. У 90-я гады XIX ст. з’явіліся новыя выданні па рускай геральдыцы — два дапаможнікі П. П. Вінклера. У першым падаюцца здымкі гербаў некаторых дваранскіх радоў і кароткае іх апісанне. Сюды ўваходзіў і гістарычны нарыс рускай геральдыкі. Другая праца — атлас гербаў гарадоў, губерняў, пасадаў, абласцей, афіцыйна зацверджаных да 1900 г. Яны размешчаны ў алфавітным парадку гарадоў.

У пачатку XX ст. абуджаецца цікавасць гісторыкаў да праблем геральдыкі. У 1908 г. былі надрукаваны лекцыі Ю. В. Арсеньева, што чыталіся ў Маскоўскім археалагічным інстытуце. Асноўнае месца тут займае гісторыя заходнееўрапейскай геральдыкі. Аўтар адзначае, што герб з’яўляецца своеасаблівым ключом да гісторыі краін, дзе была развіта геральдыка. Таксама звяртаў увагу на тое, што веданне геральдыкі дапамагае пры вывучэнні сфрагістыкі, нумізматыкі, палеаграфіі, дыпламатыкі.

Цікавай з’яўляецца спроба стварэння Рускага геральдычнага слоўніка, што належыць В. Бялінскаму. Слоўнік быў задуманы як геральдычная энцыклапедыя. Тут меркавалася даць кароткае апісанне ў алфавітным парадку геральдычных фігур і эмблем, а таксама вытлумачэнне асноўных тэрмінаў, паняццяў і прадметаў, што адносяцца да геральдыкі. Нажаль свет убачылі толькі 2 выпускі Слоўніка, што абмежаваліся літарай “Г”.

Значныя працы ў галіне геральдыкі ў пачатку другога дзесяцігоддзя XX ст. належаць В. К. Лукомскаму. Ім апублікаваны такія капітальныя выданні, як «Гербовник Царства Польского» і сумесна з В. Л. Мадзалеўскім «Малороссийский гербовник». У 1911 г. В. К. Лукомскім было выдадзена даследаванне «О геральдическом художестве в России». Гэта нарыс гісторыі стварэння рускіх гербаў, дзе аўтар дае адзнаку ўзроўню мастацкага выканання рускіх гербаў.

Па ініцыятыве В. К. Лукомскага, Н. А. Ціпольта, С. Н. Трайніцкага было распачата выданне часопіса «Гербовед», што выходзіў у 1913-1914 гг. Тут друкаваліся матэрыялы па гісторыі гербаў, іх выявы і расшыфроўка.

Некаторыя звесткі пра герб “Пагоня” можна знайсці ў працы М.М.Галіцына. Тут сярод звестак аб радавым гербе — “Пагоні” — князь адзначае: «… вообще она встречается почти повсюду, где в родовых отношениях, существует какая-либо связь с Литвою или Польшею. В. Кн. Витен установил её для своего госудорства, как нечто официальное, но она была известна ещё ранее, в 1220 и 1238 году. В прилагаемой у сего таблице, изображены старейшие виды погони... Махры на ногах лошади свидетельствуют о старинной форме погони, равно как и дракон, попираемый всадником; поднятый меч значится на погони с 1388 г.; верёвочный чепрак,—в 1539 году; признаком древняго начертания служат тоже обрезанные уши (XII в.). Крест изображается преемственно с XVI в.»

Дарэчы, упершыню герб “Пагоня” быў змешчаны ў гербоўніку “Кодэкс Бергшамара”, што быў выдадзены ў Стакгольме. Значная ўвага надавалася распрацоўцы пытанняў звязаных з развіццём гербаў ваяводстваў, губерняў, гарадоў, цэхаў і г. д. Дарэчы першыя гербы з’явіліся на Беларусі ў тыя часы, калі яна ўваходзіла ў склад ВКЛ. Пра гэты перыяд рассказвае польскі гісторык К.Несецкі у працы “Herbarz polski”. У першым томе гэтага грунтоўнага выдання змешчаны гербы ВКЛ, ваяводстваў Рэчы Паспалітай, сярод якіх: Навагрудскае, Віцебскае, Брэсцкае, Мсціслаўскае, Мінскае. У кароткай даведцы пра кожнае ваяводства прыводзіцца дата яго ўтварэння, называюцца гарады, што ўваходзілі ў яго склад, адзначаецца роля ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, пералічаны ваяводы. Даецца таксама апісанне герба і яго выява.

Менш падрабязна пра гербы ваяводстваў, але з адзначэннем герба цэнтральнага горада гаворыцца ў выданні Б.Папроцкага “Аб клейнотах усіх дзяржаў альбо ваяводстваў, што належаць Каралеўству Польскаму і ВКЛ”. Коратка даюцца звесткі пра Пагоню як дзяржаўны герб ВКЛ. Навагрудак, Віцебск, Мсціслаў і, што самае цікавае, Мінск мелі сваім гербам Пагоню. Драгічын быў цэнтрам Падляскага ваяводства, гербам якога была Пагоня ў белым полі. Брэст ужываў іншы герб — нацягнуты лук са стралой.

У XVIII ст. Беларусь увайшла ў склад Расійскай імперыі, і новыя ўлады, змяніўшы тэрытарыяльна-адміністратыўны падзел, пачалі надаваць новыя гербы гарадам. Пра гэта сведчыць наступная крыніца — “Высочайше утвержденный докладъ Сената: О гербахъ городовъ: Минской, Волынской, Брацлавской и Подольской Губерній, 1796 г.” Аднак тут падаецца толькі тэкставае апісанне герба, без яго выявы.

 

Літаратура:

1. Гербоўнікі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.6. Ч.2.
2. Драчук В. Рассказывает геральдика. М., 1977
3. Наумов О. Н. Библиография отечественной геральдики: история и современность // Библиография. 2003. №1.
4. Сімволіка на Беларусі: учора і сёння / В. Жданко // На скрыжаваннi думак: Вучоныя аб «белых плямах» гiсторыi Беларусi. — Мн., 1990

СМ. ТАКЖЕ:
› Другие материалы по разделу: Беларусь
Яндекс цитирования Геральдики.ру
SSL
© 1999-2018 Геральдика.ру
При перепечатке материалов ссылка на Геральдику.ру обязательна.
Наша кнопка:
Геральдика.ру - гербы и флаги регионов, городов, ведомствГеральдика.ру - гербы и флаги регионов, городов, ведомств
Поставь ссылку на Геральдику.ру!