Тел: +7 495 542-0692
|¤| Форум    |¤| О проекте    |¤| Последние обновления   

Векторные изображения гербов, флагов и эмблем(!) КОНСУЛЬТАЦИИ, советы, методические и практические рекомендации по вопросам геральдики и герботворчества

версия для печати

Сучасная гістарыяграфія геральдыкі Беларусі

[ Автор: Степулёнок Александр Валерьевич ] // 03.01.2005

Цікавасць да геральдыкі значна ўзмацнілася ў сувязі з зацвярджэннем у якасці Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь старажытнага сімвала “Пагоня”, які змяніў Дзяржаўны герб БССР. У гэты час назіраецца новы уздым у вывучэнні гэтага старажытнага герба, з’яўляецца шмат цікавых прац.

Своеасаблівы пункт гледжання ў спробе растлумачыць паходжанне герба выказвае А.Жамойцін. Аўтар дае тлумачэнні на падставе такіх галін чалавечых ведаў як астралогія, магія і некаторых усходніх духоўных вучэнняў. “Пагоню” ён трактуе як знак зоркі Сірыўс і расшыфроўвае яго наступным чынам: нябесны коннік, які разганяе цемру, засуху, голад і смерць.

Заслугоўвае ўвагі і праца А.К.Цітова — “Наш сімвал—Пагоня: Шлях праз стагоддзі”. Тут робіцца спроба прасачыць гісторыю герба “Пагоня” ад вытокаў да сённяшняга дня. Прыводзяцца ўзоры пячатак і іншых іканаграфічных матэрыялаў, на якіх прадстаўлены герб “Пагоня”. Аўтар зазначае, што на працэс узнікнення герба паўплывала шэраг фактараў, але кожны з іх паасобку не быў вырашальным. Спалучэнні іх у гістарычным і этнічным кантэксце і было прычынай замацавання і ідэнтыфікацыі герба Пагоня менавіта з беларускімі землямі.

На важнасць ведання семантычна-сакральнага значэння слова і сімвала ў справе разумення шмат якіх таямніц нашай гісторыі звяртае ўвагу В.Чаропка ў артыкуле “Пагоня — Бог, Радзіма, Народ”. “Уменне чытаць і расшыфроўваць сімвал і слова дае магчымасць зазірнуць у святыню святых гісторыі — яе пачаткі. У беларусаў такімі сакральнымі словамі былі Крэва — Літва — Белая Русь — Пагоня!” Пагоня, на думку аўтара, — гэта нацыянальны і гістарычны сімвал літвінаў-беларусаў, іх сакральны код у гісторыі.

Другая праца В.Чаропкі — “Сімвалы роднага краю” прысвечана праблеме “аўтарства” прыняцця “Пагоні” за дзяржаўны герб ВКЛ. Летапісныя звесткі аб прыняцці “Пагоні” за дзяржаўны герб ВКЛ адпаведна Міндоўгам (Мацей Стрыйкоўскі), Нарымунтам (больш верагодна Нарымунтам Гедымінавічам) і Віценем (Густынскі летапіс XVII ст.) не даказваюцца ні сфрагістычнымі, ні дакументальнымі даннымі. Больш менш дакладна аб з’яўленні “Пагоні” у якасці дзяржаўнага герба можна казаць пра 1366 год. Паводле сведчання польскага гісторыка XVIII ст. Часкова, на грамаце Альгерда 1366 г. вісела пячатка з выявай вершніка. На жаль гэта пячатка не захавалася. Трэба згадзіцца з польскім даследчыкам М.Гумоўскім, які пісаў, што “Пагоня”, як герб ВКЛ, выступае на пячатцы вялікага князя літоўскага Ягайлы з 1386 г.

Даволі грунтоўна да праблемы эвалюцыі герба “Пагоня” падыйшоў У.А.Юргенсон у артыкуле “Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі і нумізматыкі”. Аўтар прасочвае змены ў выяве герба на пячатках вялікіх князёў літоўскіх. Тэкст суправаджаецца выявамі пячатак, што дае магчымасць на ўласныя вочы прасачыць тыя ці іншыя змены. Таксама аўтар дае спасылкі на выкарыстаныя ім крыніцы і літаратуру, а таксама спасылкі на ранейшыя публікацыі па тэме.

Атрымаць звесткі па гісторыі гарадскіх гербаў Мінскай, Полацкай і Віцебскай губерняў Расійскай імперыі можна з артыкулаў О. Рэвы “Гербы городов Минской губернии Российской империи” і “Гербы городов Полоцкой и Витебской губернии Российской империи”. Аднак, нажаль, аўтар толькі цытуе адпаведныя апісанні, не падвяргае іх крытычнаму аналізу. Апісанні прыводзяцца з кнігі «Полное собрание законов Росийской Империи».

Праблемам сучаснай гарадской геральдыкі прысвечана праца С. Рассадзіна і Г. Жалняркевіча — “Новое в городской символике Беларуси”. Тут разглядаюцца распрацаваныя Дзяржаўнай геральдычнай службай праекты афіцыйных гербаў і флагаў Быхава, Добруша, Светлагорска. Выкладаецца абгрунтаванне праектаў афіцыйных сімвалаў. Вядзецца гаворка аб аднаўленні гістарычных гарадскіх гербаў і распрацоўцы іх нанова, стварэнні сцягоў, што для Беларусі ўнавінку (піянерам у гэтай галіне стаў горад Радашковічы). Карысць артыкула яшчэ і ў тым, што аўтары не паленаваліся прывесці спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц, спасылкі на ранейшыя публікацыі па тэме.

Стан гарадской геральдыкі ў канцы XVIII ст. асвечаны ў артыкуле С. Рассадзіна “Галантный век” городской геральдики Беларуси”. Канец XVIII ст. стаў сапраўдным “геральдычным выбухам” у працэсе гербатворчасці для беларускіх гарадоў. У перыяд з 1781 г. па 1796 г. узнікае, сама менш, 39 новых гербаў, што сфарміравала, у асноўным, комплекс гістарычных гарадскіх гербаў Беларусі.

Нельга не адзначыць працу буйнейшага беларускага даследчыка геральдыкі А. К. Цітова — “Геральдыка беларускіх местаў”. У другое выданне ўключана звыш 70 новых гербаў, у выніку чаго іх агульная колькасць павялічылася больш чым удвая. Аўтарам прароблена сур’ёзная работа па пошуку новых архіўных матэрыялаў і ўдасканаленню апарата, што павысіла навуковы ўзровень кнігі (першае яе выданне больш нагадвала навукова-папулярны дапаможнік).

Змест кнігі можна умоўна падзяліць на дзве часткі — уводную і слоўнікавую. У першай частцы даецца агульная характарыстыка гарадскіх гербаў (уключаючы гербы карпарацый). Аўтар зрабіў спробу выявіць значэнне гербаў у працэсе эвалюцыі гарадскога самакіравання (даследуецца пытанне пра суадносіны гарадскіх герба і пячаткі), а таксама праназіраць шляхі развіцця гарадской геральдыкі ў сувязі з прававым становішчам абшчын як да, так і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Цікавая ў гісторыка-культурных адносінах глава, прысвечаная сімволіцы гербаў. Тут Цітоў А. К. прыводзіць шэраг цікавых назіранняў, якія датычацца цеснай сувязі выяў на гербах з лёсамі гарадоў, рэлігійнымі і палітыка-прававымі ўяўленнямі сярэдневечча і Новага часу. Другая, слоўнікавая, частка кнігі уяўляе сабой каталог гербаў. Сюды ўключаны артыкулы, прысвечаныя гербам 146 абшчын, якія мелі статус гарадоў ці мястэчак. Кожны артыкул мае выяву герба (у многіх выпадках і гарадскіх пячатак) і кароткія звесткі пра адпаведныя абшчыны. Акрамя таго, маецца дадатак, дзе можна знайсці дадатковы матэрыял да некаторых артыкулаў —фотаздымкі пячатак, прамежкавыя варыянты асобных гербаў і інш. Таксама маюцца два паказальнікі: геральдычных сюжэтаў і геаграфічны , што дапамагае ў карыстанні кнігай.

Нягледзячы на вялікую працу, праробленую вучоным, у кнізе маецца шэраг памылак і недахопаў.

Трэба адзначыць, што не зусім зразумелыя прынцыпы адбору матэрыялу для кнігі. У першае выданне былі ўключаны гербы тых гарадоў і мястэчак, што знаходзіліся ў межах БССР. Пры ўсёй абмежаванасці такога падыхода ў ім была свая логіка. У новым выданні пытанню адбора матэрыялу прысвечана толькі некалькі радкоў: “У кнігу ўключаны звесткі пра гарады, якія аб’яднаны агульнай геральдычнай традыцыяй і ўваходзілі у этнічныя і гістарычныя межы Беларусі. Некаторыя з іх знаходзяцца сёння ў суседніх дзяржавах”. Але нават у прапанаваных межах этнаграфічнай тэрыторыі разгледжаны далёка не ўсе вядомыя гарадскія гербы. Так, сярод гарадоў сучаснай Расіі ВКЛ у розныя перыяды XIV-XVII ст.ст. належалі Казельск, Сеўск, Трубчаўск і Тарапец (маюць гербы з 1781 г.), аднак звесткі пра іх у кнізе адсутнічаюць. З гарадскіх гербаў Латгаліі (частка Латвіі) у кнізе разгледжаны толькі герб Дынабурга (Даўгаўпіўса) 1582 г. Між тым гербы меліся і ў іншых абшчын, напрыклад у Люцына (сучасная Лудза). Яго малюнак змешчаны на старонцы 94, але ніяк не растлумачаны. Ды і пра герб Дынабурга даюцца далёка не поўныя звесткі. Між тым лёс гэтага герба даволі цікавы. Спачатку (з 1560-х гадоў і да атрымання Магдэбургскага права) горад меў герб у выглядзе срэбнага грыфона з мячом. Пасля далучэння Дынабурга да Расіі ў аснову гарадскога герба быў пакладзены знак “Пагоня”. Гэты герб праіснаваў да 1925 г., калі ўлады Латвіі замянілі яго новым гербам: звілістая срэбная балка на сінім полі, над балкай залатая лілея, а пад балкай — срэбны гарадскі мур. Акрамя таго, часткай сучаснага Даўгаўпіўса з’яўляецца былая абшчына Грыва-Земгален, якая атрымала статус горада ў 1912 г. Першапачаткова яна карысталася гербам Курляндскай губерні, а ў 1925 г. атрымала ўласны герб. Усе гэтыя звесткі, несумненна, узбагацілі б фактычны матэрыял кнігі. Упершай главе няшмат матэрыялу пра гербы рамесных цэхаў, купецкіх гільдый і рэлігійных брацтваў.

Не ўсё зразумела і з храналагічнымі рамкамі кнігі. Аўтар, мажліва, імкнуўся прыняць пад увагу не толькі першапачатковыя (часоў Рэчы Паспалітай), але і пазнейшыя гарадскія гербы. Інфарматыўнасць кнігі была б значна вышэй, калі б аўтар склаў каталог гербаў не па алфавіту населеных пунктаў, а ў храналагічным парадку. У гэтым выпадку выяўней была б відаць сувязь паміж працэсам атрымання прывілеяў і ўзнікненнем пячатак і гербаў (асабліва ў XVI-XVIII ст.ст.). Акрамя таго, ў слоўнікавай частцы практычна поўнасцю адсутнічае навуковы апарат — няма спасылак на публікацыі адпаведных прывілеяў і г. д. Гэта з’яўляецца значным недахопам кнігі. Для ўсебаковага разгляду гербаў, што прыводзяцца ў кнізе, добра было б звесці ўсе звесткі пра іх у асобную табліцу, якая ўключала б у сабе афіцыйныя моўныя апісанні гербаў і неабходныя спасылкі на апублікаваныя і архіўныя крыніцы, як зроблена, напрыклад, у кнізе Н. А. Собалевай “Российская городская и областная геральдика XVIII–XIX вв.” Тое ж датычыцца і ўнутры гарадской геральдыкі.

Іншыя недахопы работы звязаны з паверхнасным аналізам тых гістарычных фактараў, што ўплывалі на развіццё гарадской геральдыкі. Перш за ўсё гэта датычыцца палітыка-прававых перадумоў, што абумовілі эвалюцыю беларускіх гарадскіх гербаў. Можна пагадзіцца з аўтарам у тым, што гарадская геральдыка ў своеасаблівай форме адлюстравала станаўленне гарадскога самакіравання і шляхецтва як саслоўя. Але, на жаль, вытокі беларускай гарадской геральдыкі як з’явы раскрыты аўтарам недастаткова. І хоць Цітоў А. К. прыводзіць такія матэрыялы, як статуты ВКЛ (дзе рэгуляваліся пытанні выкарыстання гарадскіх пячатак) і прывілеі на самакіраванне (дзе сустракалася апісанне адпаведнага герба), незразумела, аднак, традыцыі якой краіны (ці краін) у большай ступені паўплывалі на практыку дзяржаўнай улады ў дадзеным пытанні. Справа ў тым, што арыгінальныя нямецкія крыніцы Магдэбургскага права не змяшчаюць ніякіх указанняў на гэты конт. Незразумела, у прыватнасці, як суадносілася гэта практыка з папярэднімі традыцыямі польскіх каралёў і іх суседзей. Напрыклад, ужо ў 1457 г. Казімір выдаў прывілей аб змяненні гарадскога герба Данцыга, а ў XVI ст. апісанне гербаў уключаецца ва ўстаноўчыя граматы гарадам суседняга Прускага герцагства.

Мала раскрываецца і пытанне аб паходжанні гербаў асобных цэхаў, гільдый, брацтваў. Так, на стр. 17 змешчана пячатка віленскіх перчатачнікаў з легендай на нямецкай мове. Ці сведчыць гэта аб тым, што сярод членаў цэха ў XVIII ст. была большасць немцаў? Калі так, то ці быў цэхавы герб з выявай конніка пазычаны ў адпаведных карпарацый Германіі, ці узнік як вынік мясцовай традыцыі? Нажаль адказу на гэта пытанне няма.

Слабым месцам кнігі з’яўляецца і аналіз рэлігійнай сімволікі асобных гербаў. Цітоў А. К. прысвячае некалькі старонак рэлігійным выявам, што сустракаюцца у гербах гарадоў і гарадскіх карпарацый. Аднак асвячаецца дадзеная праблематыка, на жаль, амаль у поўным адрыве ад гісторыі благачэсця і рэлігійнага кантэксту эпохі. Між тым без іх аналізу ўключэнне той ці іншай рэлігійнай выявы ў герб застаецца незразумелым. Характэрным прыкладам можа стаць тое месца у кнізе, дзе аўтар піша аб прычынах, што прымусілі ў 1591 г. Жыгімонта III Вазу даць Мінску герб з выявай “внебовзятья” Дзевы Марыі. Цітоў А. К. выказвае на гэты конт некалькі сваіх меркаванняў: наяўнасць у горадзе іконы Божай Маці, сувязь культу Багародзіцы з культам языцкага жаночага бажаства, рэлігійнасць самога Жыгімонта Вазы. Аднак трэба мець на увазе і агульныя рысы рэлігійнага жыцця таго часу. Бо ўзмацненне культу Марыі ў Беларусі было звязана з каталіцкім уплывам (выявілася ў Берасцейскай уніі 1596 г.). Что датычыцца самога сюжэту Узнясення Марыі, то ў эпоху Контррэфармацыі ён становіцца адным з улюбёных у іканаграфіі (асабліва ў галоўных алтарных абразах). Гэта было звязана, па-першае, з узмацненнем каталіцкай дагматыкі (абгрунтаванне свята Узнясення Марыі (15 жніўня)), а па-другое — з актыўнай дапамогай веруючых. Акрамя таго, у каталіцкай іканаграфіі таго перыяду (асабліва ў эпоху барокка) воюраз Марыі набывае некаторыя рысы «апокалиптической жены», што стаіць на паўмесяцы.

У кнізе маюцца і некаторыя фактычныя памылкі. Так, у артыкулах пра гарады Клешчалі і Нарва гаворыцца, што ім было дадзена Холмскае гарадское права. На самой справе іх гарадское права не мела адносін да горада Холма (цэнтар Холмскай Русі), а звязана з горадам Кульмам у тагачаснай Заходняй (Каралеўскай) Прусіі, польская назва якога—Хелмно. Хоць Хельмінскі (Кульмскі) прывілей і утрымліваў спасылку на Магдэбургскае права, але ў той жа час змяняў некаторыя яго палажэнні. Некаторыя падляшскія гарады, атрымаўшыя ў сапраўднасці Кульмскае права, у кнізе, верагодна, адзначаны як заснаваныя на Магдэбургскім праве.

Даволі спрэчная прыводзімая аўтарам этымалогія слова “цэх”, якую ён звязвае з нямецкім словам “Zeichen”—“знак”. На самой справе слова “цэх” (ням. “die Zeche”) першапачаткова абазначала “рад”, “упарадкаванне”, пазней—“грашовы ўзнос для сумеснай вячэры і выпіўкі”. Слова ж “Zeichen” азначала “знак”, “цуд”, “пасведчанне” і этымалагічна не звязана з “Zeche”. Недарэчнасць абумоўлена, верагодна, тым, што ў польскай і старабеларускай мовах гэтыя словы нямецкага паходжання набылі шмат агульных рыс адно з адным (параўн. польскія словы “cech”—“цэх” і “cecha”—“рыса”, “уласцівасць”, “прызнак”).

Патрабуе ўдакладнення і шэраг прыводзімых аўтарам дат. Так, горад Аўгустаў атрымаў Магдэбургскае права не ў 1561 г., а ў 1557 г. (захаваўся прывілей 1557 г., што знаходзіцца зараз у Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве). Гарады Драгічын, Бранск-Падляшскі і Сураж-Падляшскі маюць больш даўнія традыцыі самакіравання. Яны яшчэ ў XIV-XV ст.ст. атрымалі Кульмскае права.Згаданы аўтарам мітынг у Вільна, на якім гучалі заклікі ўключыць горад у склад Беларусі, меў месца не 10, а 7 кастрычніка 1939 г.

Маецца шэраг разыходжанняў паміж слоўнікавай часткай кнігі і картай. Так, познегеральдычны герб Бранска на карце адзначаны як Магдэбургскі. І, наадварот, гербы Нарвы, Кольна, Шчучына-Мазавецкага, што адносяцца да перыяду Рэчы Паспалітай, на карце адзначаны чамусьці як познегеральдычныя.

Усё гэта зніжае агульнае ўражанне ад кнігі.

Нельга не звярнуць увагу на кнігу А.Н. Басава і І.М. Куркова — “Флагі Беларусі ўчора і сёння”. Гэта кніга аб флагах. У гістарыяграфіі СССР гэта тэма практычна не асвятлялася. Навука аб флагах — вексілалогія, хаця і мае агульныя карані з геральдыкай, даўно жыве па сваіх законах. У кнізе ў папулярнай форме расказваецца аб гісторыі з’яўлення флагаў у розных краінах. Але асноўная увага удзелена ўзнікненню флагаў на Беларусі — ад сімвалаў полацкага князя Ізяслава, штандартаў вялікіх князёў літоўскіх да бела-чырвона-белага палотнішча. Вельмі цікавай з’яўляецца праца С. Я. Рассадзіна і А. М. Міхальчанкі “Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі”. Тут змешчаны выявы, апісанні, а таксама падаецца гісторыя стварэння гербаў гарадоў і раёнаў Беларусі, што ўнесены ў гербавы Матрыкул РБ з 1991 па 2004 год.

Літаратура:

1. Басаў А.Н., Куркоў І.М. Флагі Беларусі ўчора і сёння. Мн.: Полымя, 1994

2. Гулбис А. Гербы Даугавпилса // Latgale un Daugavpils: vЇesture un kultЇura. Rakstu krЇajums. Daugavpils, 1996

3. Жамойцін А. Таямніцы “Пагоні” // Літаратура і мастацтва 1993. 16 красавіка.

4. Лихачев Д.С. Градозащитная семантика Успенских храмов на Руси // Успенский собор Московского Кремля. Материалы и исследования. -М., 1985

5. Пазнякоў В. Вось сымбаль твой… // Наша Ніва. 1998. №10.

6. Рассадин С. “Галантный век” городской геральдики Беларуси // Архівы і справаводства. 2001. №1.

7. Рассадин С., Жолнеркевич Г. Новое в городской символике Беларуси // Архівы і справаводства. 2000. №6.

8. Рассадзін С. Я., Міхальчанка А. М. Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мн.: Беларусь, 2005

9. Рево О. Гербы городов Минской губернии Российской империи // Наука и жизнь. 1996. №7.

10. Рево О. Гербы городов Полоцкой и Витебской губернии Российской империи // Наука и жизнь. 1998. №7.

11. Рогачевский А. Л. // «Гарадская геральдыка Беларусi. (Цiтоў А. К., Мiнск, 1989.)»

12. Собалева Н.А. Российская городская геральдика // Вопросы истории. 1976. №3.

13. Соболева Н. А. Российская городская и областная геральдика XVIII–XIX вв. М., 1981

14. Цітоў А. К. Наш сімвал—Пагоня: Шлях праз стагоддзі. М.: Полымя, 1993

15. Цітоў А. К. Геральдыка беларускіх местаў. Мн.: Полымя, 1998

16. Чаропка В. Пагоня—Бог, Радзіма, Народ // Літаратура і мастацтва. 1995. 7, 14, 21 ліпеня.

17. Чаропка В. Сімвалы роднага краю // Беларуская мінуўшчына. 1997. №5.

18. Юргенсон У. А. Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі і нумізматыкі // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. №8.

19. Langenscheidts Grosswörterbuch Deutsch — Russisch. В 2 т. Т. 1. А — К / Коллектив авторов. — М.: ООО “Издательство Астрель” : ООО “Издательство АСТ”, 2002

СМ. ТАКЖЕ:
› Другие материалы по разделу: Беларусь
Яндекс цитирования Геральдики.ру
SSL
© 1999-2018 Геральдика.ру
При перепечатке материалов ссылка на Геральдику.ру обязательна.
Наша кнопка:
Геральдика.ру - гербы и флаги регионов, городов, ведомствГеральдика.ру - гербы и флаги регионов, городов, ведомств
Поставь ссылку на Геральдику.ру!